Юнцэвіч С.М.,

ДУА “Дзераўнянская сярэдняя школа”

Беларуская мова
3 клас
Слайд 1
Тэма: Перанос слоў з прыстаўкамі
Мэта: мяркуецца, што ў выніку актыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцы будуць
ведаць: правілы пераносу слоў з прыстаўкамі;
умець: дзяліць словы з прыстаўкамі для пераносу.

Задачы: садзейнічаць фарміраванню ўменняў знаходзіць словы з прыстаўкамі, вызначаць прыстаўкі ў словах; 
стварыць умовы для развіцця арфаграфічнай пільнасці і вуснага маўлення, камунікатыўных і рэфлексіўных здольнасцей;
выхоўваць уменне працаваць самастойна і кантраляваць свае дзеянні.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.
Абсталяванне: вучэбныя дапаможнікі, сшыткі, карткі-заданні для работы ў групах, прэзентацыя PowerPoint, праектар, камп’ютар.

Ход урока
I.                  Арганізацыйны этап.  Псіхалагічная хвілінка.
Слайд 2
 (На фоне музыкі настаўнік запрашае дзяцей у круг)
Настаўнік:
Весела прагучаў званок.
Яго голас нам знаёмы
Запрасіў на ўрок – беларускай мовы.
Добры дзень, маленькія мае сябры!
Давайце возьмемся за рукі і перададзім свой добры настрой далонькамі адзін аднаму.
-   Прывітайце ветлівай усмешкай гасцей.
- А цяпер прачытаем хорам дэвіз нашага ўрока:
Слайд 3
 Будзем дружна працаваць
 I не будзем сумаваць!
-Спадарожнікамі ўрока будуць наступныя словы: прыйшлі, аб’ядналіся, заўважылі, падтрымалі. Менавіта так паступаюць сапраўдныя сябры. Я спадзяюся, што сёння мы станем сапраўднымі сябрамі. А каб у вас быў добры настрой, я хачу падарыць вам сонейкі. Займіце месцы ў адпаведнасці з колерам.
- Давайце ўспомнім  правілы работы ў групах: працаваць разам, дапамагаць адзін аднаму.
II. Этап праверкі дамашняга задання.
- Ці ўзніклі ў вас цяжкасці пры выкананні дамашняга задання?
Слайд  4
-  На сонейках у вас ёсць заданне, падобнае на дамашняе. Працуем самастойна.
Заданне:
-                     Устаўце прапушчаныя літары, абазначце прыстаўкі.
Успомніць, разблытаць, расказаць, узнавіць, бездапаможны.
 Узаемаправерка
(Навучэнцы ў парах абменьваюцца карткамі і правяраюць правільнасць выканання па ключы).
- У вас на сталах ляжаць святлафоры. Пакажыце зялёны колер тыя, хто выканаў заданне без памылак. Жоўты – у каго адна памылка. Чырвоны, калі дзве  памылкі і больш.
III.Этап актуалізацыі  ведаў.
Слайд 5
1.Работа з інтэрактыўнай прэзентацыяй з электроннага трэнажора А.С. Журавай “Правапіс прыставак”.
- Сапраўдныя сябры заўсёды прыходзяць на дапамогу. Давайце  і мы дапаможам кураняці сабраць каласкі, г.зн. знайсці словы, у якіх няма прыставак.
Слайд 6
2.Арфаграфічная хвілінка. 
Лёгка пасварыцца, цяжка памірыцца.
Чытаем прыказку хорам,  тлумачым яе сэнс.
-    Устаўце прапушчаныя літары, растлумачце напісанне.
3. Хвілінка чыстапісання (запіс у сшытках даты, класная работа)
1 радок - Гг Жж
2 радок -запісваем прыказку.
-                     Знайдзіце і назавіце словы з прыстаўкамі.
IV. Этап засваення новых ведаў.
1.                Работа са словамі на дошцы.
-Я хачу звярнуць вашу ўвагу на словы,  давайце прачытаем іх.
прый - шлі
аб’ – ядналіся
заў - важылі
пад – трымалі
па – дтрымалі
падт – рымалі
-     Што ў іх агульнае? Што яны абазначаюць? 
- Усе словы на тэму “Сяброўства”. Бо  сёння мы з вамі прыйшлі на ўрок, разам аб’ядналіся, заўважылі і падтрымалі адзін аднаго.
-    Ці правільна падзелены словы для пераносу?  Чаму вы так думаеце? Паколькі вашы меркаванні розныя, то гэта і будзе тэмай  нашага ўрока. Дапамажыце мне яе агучыць.
Вызначэнне тэмы ўрока разам з навучэнцамі.
- Тэма ўрока “Перанос слоў з прыстаўкамі”. Я спадзяюся, што напрыканцы ўрока вы будзеце умець дзяліць словы з прыстаўкамі для пераносу. Гэта будзе мэта нашага ўрока.
2.  Работа з вучэбным дапаможнікам, разбор правіла на с. 109.
-Звернемся да правіла на с.109 (Самастойнае чытанне, затым услых па частках).
Чытанне 1 часткі правіла.
-  Што вы даведаліся?  А зараз паспрабуем вызначыць, ці правільна падзелены словы з прыстаўкамі для пераносу.
Настаўнік выклікае навучэнца да дошкі.
-  Карыстаючыся правілам, вызначым, ці правільна падзелены словы з прыстаўкамі для пераносу. З чаго трэба пачаць? Спачатку трэба вызначыць прыстаўку. Затым даказаць, што слова з прыстаўкай падзелена правільна.
-  А яшчэ можна рабіць перанос на мяжы частак слоў. Падобнае заданне вы будзеце выконваць самастойна, таму трэба яшчэ раз паўтарыць, як правільна падзяліць словы з прыстаўкай для пераносу. 
Чытанне 2 часткі правіла.
- Цяпер звернемся да 2 часткі. (Чытаем услых.) Раскажыце,   як пераносяцца словы з літарамі й, ў, з апострафам.
-  У парах  паўтарыце яшчэ раз гэта правіла.

                                   Фізкультмінутка
Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,
Зямлі нашай пакланіцеся.
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся.
Раз прысядзьце, два прысядзьце
І за парты ціха сядзьце.
V.  Этап замацавання  новых ведаў.   
1. Работа з вучэбным дапаможнікам. Пр. 211. Работа ў парах(карыстаючыся правілам). Калектыўная праверка.
Зваротная сувязь ад навучэнцаў.
- Падніміце зялёны колер, каму лёгка было выконваць заданне, а чырвоны, тыя, ў каго былі цяжкасці.
Работа ў групах.
Выпісаць словы з прыстаўкамі, абазначыць прыстаўку, падзяліць словы для пераносу.

1 група
Важны ў хлопчыка занятак –
Падсыпаць штодня зярнятак
У птушыныя кармушкі.
Падружыліся з ім птушкі.

2 група
У мурашоў занятак свой,        Выкарыстоўваем тл. слоўнік. ТАЛАКА
Яны працуюць талакой:           Ці ўсе словы зразумелыя?
То домік свой падправяць,
То ежы назбіраюць.

3 група
Дружба моцнаю бывае,
Кожны з нас пра гэта знае.
Выйшла з народа і ідзе:
Сябры пазнаюцца ў бядзе.

Праверка работы ў групах.
VI. Этап інфармацыі аб дамашнім заданні з тлумачэннем.
Пр. 213.
VIII. Этап падвядзення вынікаў.
Рэфлексія “Прадоўжы сказ”
Я даведаўся(лася)….
Я навучыўся(лася)…..
Я магу….
IX. Этап ацэньвання дзейнасці навучэнцаў на ўроку. Выстаўленне адзнак.
- Мы сёння працавалі  ў групах. Значыць, мы сапраўдныя сябры, а сяброўства – вялікая сіла. Няхай яно заўсёды крочыць з вамі па жыцці, а падараваныя сонейкі ўсміхаюцца вам штодзень. Дзякуй за работу! Мне вельмі прыемна было з вамі працаваць.
Спампаваць прэзентацыю.



Комментариев нет:

Отправить комментарий

Комментарии